МЭ́ЙДЗІ ІСІ́Н,

«Рэстаўрацыя Мэйдзі», буржуазная рэвалюцыя ў Японіі ў 1867—68. З’явілася вынікам сац.-эканам. крызісу ў Японіі ў 1-й пал. 19 ст., пасля прымусовага «адкрыцця» краіны замежнымі дзяржавамі. Ажыццяўлялася ў выглядзе руху за аднаўленне ўлады імператара і скасавання ўлады сёгунаў з дома Такугава. Рух М.і. узначалілі самураі паўд.-зах. княстваў, якія выступалі за перабудову Японіі на аснове дасягненняў еўрап. культуры і тэхнікі. 3.1.1868 яны абвясцілі пра скасаванне сёгуната і перадачу ўсёй улады імператару Муцухіта (дэвіз яго кіравання «Мэйдзі» — «Асвячонае кіраванне», адсюль назва). У маі 1868 сёгун Кэйкі капітуляваў, а войскі імператара занялі сталіцу Эда (з 1868 Токіо). У 1870—80-я г. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. пераўтварэнняў, якія ліквідавалі феад. сістэму і спрыялі развіццю капіталіст. адносін: ліквідаваны рамесныя цэхі (1868), скасавана саслоўная сістэма (1872), абвешчана свабодная купля-продаж зямлі (1872) і інш.

Літ.:

Лещенко Н.Ф. «Революция Мэйдзи» в работах японских историков-марксистов. М., 1984.

У.У.Куніцкі.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)